УЙГУ́РСКАЕ ПІСЬМО́,

літарна-гукавое пісьмо, якім карыстаюцца цюркамоўныя народнасці Усх. Туркестана. Склалася на аснове сагдыйскага пісьма, што ў сваю чаргу развілося з арамейскага пісьма. Літары У.п. ішлі зверху ўніз, радкі — злева направа. Адрозніваліся розныя формы літар у залежнасці ад іх месца ў слове, а таксама кніжны почырк (у тэкстах рэліг. л-ры) і скарапісны курсіў (дзелавыя паперы і інш.). Першыя датаваныя помнікі з пач. 8 ст. Пашырэнне атрымала ў 9—13 ст. у цюркскіх плямён, якія вызнавалі будыйскую рэлігію. Пасля прыняцця гэтымі народамі ісламу выцеснена арабскім пісьмом, але ў будыйскіх манастырах У.п. выкарыстоўвалі і ў 18 ст. У 13 ст. У.п. запазычана манголамі, у якіх яно пераўтворана ў мангольскае пісьмо. На аснове У.п. створана і маньчжурскае пісьмо.

Літ.:

Малов С.Е. Памятники древнетюркской письменности. М.; Л., 1951;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)